ІНТАРЭ́СУ ТЭО́РЫЯ,

кірунак у сучаснай зах. аксіялогіі і этыцы, блізкі да прагматызму. Узнікла ў 1920-я г. ў межах натуралізму. Яе прыхільнікі — Р.​Перы, Д.​Паркер (ЗША), Ф.​Тэнант (Англія) і інш. — выяўляюць значэнне для чалавека прадметаў і з’яў рэчаіснасці (іх каштоўнасць, у т. л. і маральную), зыходзячы з суб’ектыўных адносін да іх чалавека, яго інтарэсу. Сам інтарэс разумеецца чыста псіхалагічна — як жаданне, схільнасць, прыязнасць, сімпатыя, любоў (ці наадварот, агіднасць, антыпатыя, нянавісць), якія адчуваюць людзі. Маральнасць разумеецца як сродак узгаднення і прымірэння прыватных інтарэсаў, дабро — як тое, што адпавядае макс. суме індывід. інтарэсаў, а доўг — як задавальненне найб. колькасці жаданняў і імкненняў, што існуюць у дадзеным грамадстве (гл. Утылітарызм).

т. 7, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)